Мае песні

Category: Poetry
Песні, душа мая узрасціла,
Каб на радзіме ў цяпле вы цвілі.
Колькі вам волі яна адпусціла,
Столькі і жыць вам на вольнай зямлі!
Вам давяраў я ў натхнення хвіліну
Слёз чысціню, пачуцця чамяру.
Будзеце жыць — я пры вас не загіну,
А памрыцё — пазабытым памру.
Вас распаліўшы, выконваў я свята
Сэрца загад і народа загад.
Вы суцяшалі сабрата-салдата,
Вы і знішчалі варожых салдат.
Дробнаму шчасцю і сквапнасці хцівай
Бой абъяўляю. Спакуса-бяда.
Праўда і страснасць у песні праўдзівай —
Ды за такое ж жыцця не шкада!
Здзейсніўшы цвёрдую клятву, спачыне
Сэрца ў грудзях, і замрэ пачуццё.
Песні заўжды прысвячаў я айчыне,
Ей жа цяпер аддаю і жыццё.
Пеў я, адчуўшы павевы прадвесня,
Пеў, за радзіму прымаючы бой.
Вось і дапеў я апошнюю песню,
Бачачы ката тапор над сабой.
Песня мяне навучыла свабодзе,
Песня мне кажа: памры, Чалавек.
Барацьбітом — і звінецьме ў народзе
Смерць твая песняй змагання павек.
1943